1 мар. 2007 г.

Сьвятаслаў Вакарчук: Мы вельмі падтрымліваем тых, хто зараз змагаецца за свабоду

Лідэр гурта «Океан Ельзи» пра Беларусь, Украіну, музыку, кнігі і сваю навуковую кар'еру

Вітаю вас. Людзі, якія пратэставалі на пляцы Каліноўскага ў Менску пасля прэзідэнцкіх выбараў мінулага года, слухалі там у тым ліку і вашую музыку. Што вы можаце ім сказаць?
Сьвятаслаў Вакарчук: «Мы вельмі ўдзячныя за тое, што нашыя спевы сталі для людзей сімвалам свабоды. Было вельмі прыемна, што нашыя тэксты не‑ўкраінцы таксама ўспрымаюць так, як трэба — як песні свабоды.
І ўсім тым, хто зараз змагаецца за свабоду, хачу сказаць, што мы іх вельмі падтрымліваем. Аднак разам з тым, кожная палітычная сітуацыя патрабуе асобнай прамовы.
Я лічу, што было крыху некарэктна сёння нам, украінцам, распавядаць нашым сябрам у Беларусі, як ім жыць. Гэта вашая ўласная справа, а мы вас цалкам падтрымліваем ва ўсіх высакародных пачынаннях. І ў гэтых пытаннях мы заўсёды гатовыя дапамагчы».
«Акеан Эльзы» актыўна падтрымліваў памаранчавую рэвалюцыю. Наконт сітуацыі, якая цяпер склалася ва Украіне, Вакарчук сказаў:
«Насамрэч, мы ніколі не рабілі таго, у што б шчыра не верылі. Гэта датычыцца і той падзеі, якая сёння называецца памаранчавай рэвалюцыяй. Мы дзейнічалі свядома і шчыра.
Я лічу, што памаранчавая рэвалюцыя была правільнай, яе лозунгі і заклікі адпавядалі сітуацыі, былі адэкватнымі. Што тычыцца сённяшняга дня, у нас ва Украіне ёсць такая прыказка: не робіць памылак толькі той, хто ўвогуле нічога не робіць.
Безумоўна, было зроблена шмат памылак, шмат што можна было б зрабіць інакш, мы ўсе пра гэта ведаем. Аднак казаць выключна пра памылкі, не звяртаючы ўвагі на пазітыўныя бакі, на мой погляд, няправільна.
Я лічу, што сёння мы жывем зусім у іншай краіне, якая стала вольнай не толькі па лозунгах, але і па сутнасці, якая ідзе па шляху дэмакратыі, якая сваімі сіламі, сіламі свайго народу, вырашыла, як ёй жыць і што рабіць — і гэта вялікае дасягненне. А тое, што ў нас будзе яшчэ шмат цяжкасцяў, — гэта відавочна і зразумела».
— Апошнім часам вы шмат займаецеся немузычнымі праектамі — напрыклад, тым, які прадстаўлены на вашым сайце пад назвай «Книга творить Людину». Чаму так? Вам не хапае музыкі?
Святаслаў Вакарчук: «Я скажу два словы пра сацыяльны праект, які мы ініцыявалі. Ён называецца «Книга творить Людину».
І мэта гэтай праграмы (размова ідзе пра ўкраінскую праграму) — прыцягнуць увагу моладзі да чытання, таму што на сённяшні дзень, на наш погляд, чытанне не займае таго месца ў жыцці, якое павінна было б займаць. Наконт таго, ці не хапае нам музыкі, адкажу так: не хапае.
Я думаю, што ніводны чалавек не можа жыць выключна музыкай, кожны патрабуе чагосьці яшчэ. Вось нам, напрыклад, падабаецца чытаць. І мы сапраўды шмат чытаем, хоць і густы тут ва ўсіх розныя».
Таксама ў размове было ўзнятае пытанне навуковай кар’еры саліста гурта, Святаслава Вакарчука, які па адукацыі фізік. Петро Чарняўскі са смехам пракаментаваў, што некаторым удзельнікам гурта спачатку б проста дыплом атрымаць, якая ўжо тут доктарская.
Сам Святаслаў на пытанне, ці не збіраецца ён у будучыні ўсё ж такі працаваць непасрэдна па прафесіі ці то фізіка, ці эканаміста (другая адукацыя лідэра гурта) адказаў:
«У нас ва Украіне ёсць яшчэ адна прымаўка, якая асабліва датычыцца музыкаў: ніколі не ведаеш, дзе заўтра будзеш начаваць».
— Што б хацелі сказаць нашым слухачам?
Святаслаў Вакарчук: «Вялікае прывітанне слухачам у Беларусі ад гурта «Акеан Эльзы». Спадзяемся хутка вас пабачыць і пачуць у Беларусі, куды мы ездзім даволі часта і з вялікім задавальненнем».
Кацярына Тамковіч, Еўрарадыё | 11:11, 1 сакавiка 2007
Источник Наша Ніва

Чытаць цалкамhttp://nn.by/?c=ar&i=6897


Чытаць цалкамhttp://nn.by/?c=ar&i=6897